Мова

12 красавіка ў Цэнтры беларускай літаратуры імя Максіма Танка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсіта імя Максіма Танка адбыўся круглы стол, дзе абмяркоўваліся пытанні беларускамоўнай адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублики Беларсуь Алена Анісім, Таварыства беларускіх школ, дзіцячых садоў, сярэдніх школ.

У сваім выступленні дэпутат Алена Анісім агучыла некалькі прапаноў па яе папулярызацыі сярод школьнікаў і студэнтаў. У прыватнасці, яна прапанавала ва ўсіх педагагічных універсітэтах адкрыць групы з беларускай мовай навучання для падрыхтоўкі будучых настаўнікаў-прадметнікаў. Гаварыла Алена Анісім і пра неабходнасць выкладання на беларускай мове гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі, пра магчымасці выкарыстання ў вучэбна-выхаваўчым працэсе кінафільмаў студыі “Летапіс”, пра пашырэнне беларускай мовы на тэлебачанні.

Было заўважана, што распаўсюджванне беларускай мовы павінна адбывацца без прымусу і з дапамогай цікавых і запатрабаваных у моладзі праектаў. А для тых, хто жадае яе вывучаць, у нас створаны неабходныя ўмовы.

Першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка Святлана Копцева адзначыла, што студэнты педуніверсітэта ініцыіруюць і рэалізоўваюць шмат беларускамоўных праектаў. У прыватнасці, 13 мая адбудзецца маштабнае мерапрыемства для школьнікаў сталіцы — спартыўна-адукацыйнае свята, якое стане кульмінацыяй рэалізацыі праекта “Беларусіяда” студэнтаў фізічнага факультэта педуніверсітэта. Яго ўнікальнасць у тым, што студэнты вывучалі старадаўнія беларускія спартыўныя гульні. 13 мая пагуляць у гэтыя гульні змогуць 500 школьнікаў Мінска.

Дэкан філалагічнага факультэта педагагічнага ўніверсітэта Васіль Старычонак адзначыў, што, акрамя мноства беларускамоўных выхаваўчых мерапрыемстваў, ва ўніверсітэце значная колькасць дысцыплін чытаецца на беларускай мове. Яго калега з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Роўда заўважыў, што для паўнацэннай беларускамоўнай падрыхтоўкі спецыялістаў прыродазнаўчага напрамку ў іншых ВНУ неабходна павялічыць гадзіны беларускай мовы.

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка звярнула ўвагу прысутных на тое, што мова навучання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам жаданняў вучняў i ixбацькоў.

Вольга Дубоўская

http://edu.gov.by/news