универсиада2

17 жніўня ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь адбыліся провады беларускай спартыўнай дэлегацыі на ХХІХ Сусветную летнюю ўніверсіяду, якая пройдзе з 19 па 30 жніўня ў г. Тайбэй (Тайвань) пад эгідай Міжнароднай Федэрацыі студэнцкага спорту (FISU). 
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В. Карпенка, намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пятровіч Партной, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў І.Ю.Сакалоўская, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, чэмпіён Летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года, сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года ў складзе экіпажа каноэ-двойкі А.В.Багдановіч, а таксама члены беларускай спартыўнай дэлегацыі — студэнты-спартсмены і трэнеры. 
Ад нашай краіны на міжнародным спартыўным форуме выступяць 34 атлеты, якія прадстаўляюць 13 беларускіх УВА. Беларусы прымуць удзел у спаборніцтвах па 9 відах спорту: фехтаванне, цяжкая атлетыка, таэквандо, плаванне, ролер спорт, настольны тэніс, лёгкая атлетыка, у-шу, мастацкая гімнастыка. 
Міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка выказаў падзяку юным спартсменам за асабісты ўклад у развіццё беларускага спорту. 
“Сёння мы праводзім лепшых прадстаўнікоў спартыўнага студэнцтва нашай краіны на ХХІХ Сусветную летнюю ўніверсіяду, — адзначыў міністр. — Гэты найбуйнейшы Міжнародны спартыўны форум прыме каля 11 тысяч удзельнікаў з больш чым 130 краін свету, якія будуць змагацца за 275 камплектаў медалёў у 24 відах спорту. Выступленне на гэтых прэстыжных спаборніцтвах — вялікі гонар як для спартсменаў, так і для нашай краіны ў цэлым. Рады бачыць сярод вас знаёмых атлетаў, чые перамогі ўжо неаднаразова праслаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне. Рэспубліка Беларусь даўно і паспяхова ўдзельнічае ў спаборніцтвах, якія праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту. І нам ёсць чым ганарыцца. На апошняй Сусветнай летняй універсіядзе 2015 года ў Кванджу, у якой бралі ўдзел некаторыя з тых спартсменаў і трэнераў, што знаходзяцца сёння сярод нас (плыўцы Віктар Стасяловіч, Антон Латкін, Ілля Шымановіч, трэнер Ігар Аляксеевіч Макееў), беларусы заваявалі 12 медалёў, а ў 2013 годзе ў Казані паставілі рэкорд — прынеслі ў скарбонку зборнай 40 узнагарод! Важна раўняцца на нашы папярэднія дасягненні і паспрабаваць іх пераўзысці”. 
Універсіяда гэта перш за ўсё маштабнае спартыўнае свята, якое прадастаўляе студэнтам унікальную магчымасць найбольш поўна рэалізавацца праз спорт. Кожная альма-матэр імкнецца дапамагчы сваім выхаванцам развіць здольнасці і таленты, навучыць плённа іх выкарыстоўваць. На ўніверсіядзе ў юных спартсменаў з Беларусі будзе шанс наладзіць сяброўскія сувязі з прадстаўнікамі розных краін свету, расказаць ім аб нашай краіне і ў сумленнай і канкурэнтнай барацьбе даказаць сабе і іншым, што яны здольныя на многае. Універсіяда давала штуршок шматлікім цяпер ужо знакамітым спартсменам, такім як плыўчыха Аляксандра Герасіменя, бягуння Аліна Талай, гімнастка Любоў Чаркашына, а таксама Марыя Мамашук, якая заваявала “серабро” Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра ў вольнай барацьбе. 
“Мы прынялі праграму развіцця студэнцкага спорту, — адзначыў міністр адукацыі І.В.Карпенка. — Важна, каб усе зацікаўленыя падключыліся да яе рэалізацыі. Мы падтрымліваем нашых спартсменаў, выступаем за развіццё масавага спорту, за тое, каб у школах адкрываліся спартыўныя класы. Сёння разглядаецца пытанне аб прадастаўленні маладым спартсменам шэрагу прэферэнцый пры паступленні ва ўніверсітэты. У вышэйшай школе наша задача стварыць максімальна камфортныя ўмовы для таго, каб студэнты атрымлівалі якасную адукацыю, якая дазволіць ім будаваць сваю спартыўную кар’еру”. 
Са словамі падтрымкі спартсменам выступіў намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пятровіч Партной: “Самая лепшая ідэалогія — гэта калі пад роў трыбун узнімаецца сцяг нашай краіны і гучыць гімн. Вы з гэтым паспяхова спраўляецеся. Жадаю кожнаму з вас спартыўнай удачы, прадэманстраваць падчас спаборніцтваў усё сваё спартыўнае майстэрства”. 
“Студэнцкі спорт набірае абароты ва ўсім свеце, — падкрэсліў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Віктаравіч Багдановіч. — Гэта тая база, на якую вы можаце абапірацца. Ва ўніверсітэце пры неабходнасці вы можаце нават перачакаць той момант, калі ў вас нешта не атрымліваецца, калі не ўдаецца дасягнуць жаданых вынікаў. Вам заўсёды пойдуць насустрач, дапамогуць павысіць спартыўнае майстэрства. Жадаю вам у чарговы раз праславіць нашу краіну”. 
Напрыканцы сустрэчы міністр адукацыі І.В.Карпенка з гонарам ўручыў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь удзельніку беларускай спартыўнай дэлегацыі Іллі Шымановічу.

http://edu.gov.by/news